
Першыя ўражанні сябра ад паездкі ў Польшу. Частка першая.
Хто еўрапеец? Я – еўрапеец?!
Я англічанін! Гэта ты – еўрапеец.З размовы з англічанінам.
Згадзіцеся, пачуць словы, вынесеныя ў эпіграф, для беларуса даволі дзіўна. Я – еўрапеец? Не ведаю, не ведаю. Тыя ж палякі нас еўрапейцамі аніяк не лічаць. Што праўда, у вуснах паляка слова “еўрапеец” – камплімент, а ў вуснах грамадзяніна Злучанага Каралеўства – амаль што абраза.
Увогуле, гэта дзіўны феномен – Еўропа і еўрапейцы. Калі сядзець у адной краіне і атрымліваць інфармацыю з тэлебачання і інтэрнэту (нават без аніякай цэнзуры) скласці больш-меньш адэкватнае ўражанне пра гэтую з’яву немагчыма. Мне пашэнціла – на працягу трох тыдняў давялося ў Польшы мець стасункі з прадстаўнікамі вялікай колькасці краін, у асноўным якраз еўрапейскіх. І пастаянна падчас гэтых трох тыдняў я задаваў сабе пытанне: а ці адчуваю я сябе еўрапейцам? Ці трэба мне гэта? Што мне дае прыналежнасць да Еўропы? Ды і ўвогуле – што ж такое Еўропа?
Пачнем з таго, што паводле геаграфічнай карты Еўропа сканчваецца (альбо пачынаецца) на Урале. Праўда, геаграфія не дужа лічыцца з чалавечымі фактарамі. Памятаю, тыя ж англічане надта здзіўляліся пры размове з палякамі, а потым падыходзілі да мяне з картай у руках і казалі: “Нічога не разумеем! Яны (палякі) сцвярджаюць, што Польшча – гэта Заходяя Еўропа, а Беларусь, Украіна – увогуле не Еўропа. А што ж тады знаходзіцца на такой вялікай тэрыторыі ад Брэсту да Уралу?”
Для нас Еўропа паўстае ў вобразе лакіраваным. Для нас гэта край старой магутнай культуры, лялечных домікаў, высокіх зарплат і ўсеагульнага дабрабыту. “Як у Еўропе” –кажам мы, калі бачым нешта вельмі добра зробленае. “Еўрарамонт” – найлепшы варыянт прыстасавання памяшкання для жыцця і працы. Мы кажам, што жывем у цэнтры Еўропы, і ў той жа час “паехаць у Еўропу” – гэта накіравацца ва ўсё яшчэ невядомы свет, кудысьці далёка на захад, у Францыю, Германію альбо Бельгію. Еўропа для нас – гэта мара, трошкі казка, трошкі міф. Адзінае вядомае мне дакладна сфармуляванае непрыяцце Еўропы гучыць так: “А хто нас там чакае?” Маецца на ўвазе – Еўропа нам трэба, а вось мы Еўропе... Дык дзе ж для нас пачынаецца Еўропа?
“Курица – не птица, Польша – не заграница”. Фраза надта знаёмая. Усе чулі, усе казалі. Так, для нас Еўропа пачынаецца за Польшчай, (за Чэхіяй, па за былым соцлагерам) там, дзе пануюць раманскія мовы, дзе славяне – экзотыка, і дзе ўсе сябруюць паміж сабой. Але самі палякі лічаць сябе еўрапейцамі. Прынамсі, упарта пераконваюць у гэтым як усіх навакольных, так і саміх сябе. У размовах пра палітыку і геапалітыку заўсёды рэфрэнам гучыць фраза: “Нарэшце Польшча вярнулася ва ўлонне еўрапейскай цывілізацыі!” Маецца на ўвазе ўключэнне Польшчы ў склад Еўрасаюза. І гучыць гэтая фраза ўзнёсла і з прыдыханнем. Для палякаў Еўропа – яшчэ большая мроя, чым для нас. Для нас гэта далёкая казка, для іх – блізкі аазіс у пустыні, і яны пастаянна гоняць ад сябе думку пра тое, што аазіс можа аказацца проста міражом. Сав-сацыялізм – гауно – аксіёма. А калі і капіталізм – гаўно? Карах!!!
Не, я не сцвярджаю, што Аб’яднаная Еўропа – міраж. Толькі ў палякаў боязь гэтага сядзіць – вельмі глыбока, прыхавана, так, што і самі яны пра яе ў большасці выпадкаў не здагадваюцца, але яна ёсць, і яна не дае спакою. А яшчэ не дае спакою крамольная думка, што аазіс гэты не для цябе, што ветлівыя ўсмешкі – толькі маска. Палякі вельмі хочуць быць прызнанымі сваімі ў Еўропе, і пастаянна сцвярджаюць, што яны там ужо свае. Таму прыняцце Польшы ў ЕС з’яўляецца для палякаў такім важным момантам. Гэта пацвярджэнне, хаця і намінальнае, іх перакананняў.
Але паміж Польшчай і Еўропай ёсць некалькі вельмі вялікіх адрозненняў.
0 comments:
Post a Comment